Музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе»

Завоссе. Вядомае ў краіне і далёка за яе межамі месца, бо тут нарадзіўся, тут быў шчаслівы, тут сваё сэрца пакінуў адзін з найвялікшых геніяў чалавецтва Адам Міцкевіч.

Першыя дакументальныя ўспаміны аб Завоссі паходзяць з 1775 года, калі шляхціч рода Рымвідаў, гербу “Пагоня”, Ёзаф Міцкевіч (родны брат дзеда Адама) з Навагрудскага павета падаў позву ў Навагрудскі суд на шляхціча таго ж павета М.Яновіча, уладальніка маёнтка Завоссе, аб спагнанні з Яновіча пазыкі ў суме больш за 700 злотых. Справа ў судзе разглядалася некалькі разоў, і ў выніку Яновіч, які не змог выплаціць пазыку, па рашэнню суда павінен быў аддаць сядзібу Завоссе Міцкевічу як заклад. Праўда, жыць тут браты Міцкевічы пачалі аж праз 3 гады пасля суда, сілай забраўшы тое, што ім належала па праву.

8 верасня 1998 года адкрыўся музей, які прадстаўляе сабой шляхецкі двор другой паловы ХVІІІ ст. Драўляныя будынкі, пакрытыя чаротам, у цэнтры аднапавярховы дом з ганкам, насупраць яго свіронак (лямус), далей абора, гумно, лазня каля стаўка, студня-жураў і інш. Двор абнесены моцнай агароджай, бо, як у тыя часы казалі: “шляхціч у сваёй загродзе – роўны ваяводзе”. Каля дома разбіты кветнікі, растуць дрэвы, дэкаратыўныя кусты. Сама сядзіба размешчана ў нізіне паабапал палёў, толькі з аднаго боку ўзвышаецца вялізная гара Жарнова, якую Міцкевіч упамінае ў паэмах. Ёсць тут і невялікія гаёчкі з хваёвых і лісцястых дрэў. Сядзіба гэта з ахвотай адчыняе дзверы перад гасцямі. У аснову экспазіцыі пакладзена паэма “Пан Тадэвуш”.

Супрацоўнікі музея шмат намаганняў прыкладаюць для напаўнення дома арыгінальнымі рэчамі і прадметамі той эпохі, каб кожны наведвальнік меў магчымасць адчуць атмасферу дома тых даўніх часоў, спыніцца, запаволіць свой бег па жыцці, скарыстацца выпадкам, каб праз кароткі візіт перажыць вялікія ўражанні былой праўдзівай гісторыі.

Праз 20 гадоў пасля трагічных абставін маёнтак Завоссе пераходзіць ва ўласнасць Мікалая Міцкевіча, бацькі Адама. Тут у яго і нарадзіўся ў ноч з 24 на 25 снежня, ноч нараджэння Хрыста, сын Адам, якому наканавана ў будучым мець неўміручую славу. У гэтым доме прайшло яго дзяцінства, тут падлеткам, з братамі, праводзіў кожны год летнія вакацыі, сюды ляцеў закаханы студэнт, а потым настаўнік з Коўна, каб быць бліжэй да любімай дзяўчыны Марылі Верашчакі з Туганавіч, што недалека ад Завосся.